Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

агульныя асадкі гэтага твору. На гэтай простай "канве" поэта аднак патрапіў значна паглыбыць першую з вышэйнамечаных пуцін літаратуры, г. з. ён умела сынтэзаваў найболей яркія і жывыя матар'ялы сваіх назіраньняў над бытам і культурай Беларусі.

Перад намі разгортваецца жыцьцё лясьніка ў умовах старога дарэволюцыйнага ладу, на сходзе 19 сталецьця. Мы бачым яго і ў тыя гады, калі ён цяжкаю працаю хлебароба крок за крокам будуе сваё асталяваньне на сваёй пасадзе; бачым і тады, калі яго па капрызу ўсемагутнага пана або нават яго спадручніка, лясьнічага, перакідаюць на новае месца, дзе прыходзіцца нанова адольваць прыроду і ствараць новае асталяваньне для сям'і сродкамі і прыёмамі амаль першапачатковага пасяленца. Мы бачым яго і ў часе абходу лесу і за хатняю гаспадаркаю, і на панскай пацесе, "на глушцовых токах", і за ціхім сталом у коле сям'і, бачым і ў мінюты з трудом стрымліванага абурэньня проціў панскага самадурства, і ў часы доўгага раздумваньня аб уласнай працоўнай гаспадарцы, аб "Новай зямлі". Перад намі праходзіць усё нескладанае жыцьцё беларуса ад часу яго моладасьці да бесчасовай сьмерці, жыцьцё з усплошкі шэрымі буднымі днямі і з рэдкімі прасьветлінамі ў відзе сямейных сьвят, жыцьцё ў пастаянных зносінах з суровай прыродаю і ў пастаянных бясплодных імкненьнях выйсьці з-пад ярэмнага стану соцыяльнай абяздоленасьці на простор вольнай і творчай працы.

Узяты сам па сабе, у сваёй схэме, сюжэт поэмы нязвычайна прост і нават наівен з пункту погляду "изысканной" поэтыкі папярэдніх літаратурных школ. Жыве і служыць у адным лясьніцтве лясьнік з сваёю сям'ёю, ён чэсна і старанна нясе панскую службу і разам з абзвязкамі лясьніка ўмее сумясьціць работу энэргічнага гаспадара, любоўна і дзелавіта абстаўляючага сваю пасаду, усёроўна, куды ні загоніць яго капрызная панская воля—у лясную глуш або на балота. Сярод сваіх клопатаў і трывог, зьвязаных са службаю, з хатняю гаспадаркаю і з навучаньнем падрастаючых дзяцей грамаце, ён увесь час думае аб куплі ўласнага кутка, дзе можна было-б незалежна ад панскай ласкі будаваць свой працоўны дабрабыт. Але вось нагледжан кусок зямлі, як-бы наладжваецца купля, трэба зрабіць у банку патрэбную пазычку, брат лясьніка едзе ў Вільню, пачынаецца хадзяніка па канцылярскіх мытарствах. І ў самы разгар клопату па справе куплі ўмірае лясьнік, перадаўшы брату і дзецям імкненьне да "Новай зямлі". Вось і увесь сюжэт.

Але цэннасьць першага, гэнэтычнага сынтэзу ў аўтара поэмы ня ў прыродзе сюожету, а ў тых конкрэтных матар'ялах і назіраньнях над жыцьцём Беларусі, якія гэтым сюжэтам аматарска аб'яднаны. Топографічны асяродак, да якога прымеркаваў аўтар свой першы сынтэз гэта "Мікалаўшчына" Менскага павету і "Акінчыцкае лясьніцтва", належаўшае ў 1890-1900 гадох, да якіх адносяцца праявы поэмы, князём Радзівілам; у сваім кароткім жыцьцёпісе ўпамінае поэта і другія месцы, з якімі зьвязана яго дзяцінства: "Ласток", або "Сухошчына" і "Альбуць". У поэме асяродкавае месца дзеяньня называецца "Парэчча", якое ляжыць у чатырох мілях за Нясьвіжам у бок Менску, а „Новая Зямля", аб куплі якой марыць лясьнік з братам, топографічна зьмешчана ў Случчыне. На гэтай невялікай топографічнай плошчы поэт сьцісла і ў той-жа час конкрэтна ўлажыў свае сапраўдныя назіраньні над беларускім жыцьцём. Тут зьмясьціўся ўвесь характэрны бе-