Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

ларускі рэльеф і пэйзаж—ад берагавога ракітніку да лясной глушы, ад травой заросшай крынічкі да "срэбраводнага Немана", ад балота, паросшага старымі бярэзінамі, да шырокіх зялёных лугоў, залітых праменьнямі сонца. На гэтым географічным кусочку Беларусі сабраў аўтар амаль ці ня ўсе характэрныя для яго радзімы пароды дрэваў, ад лазы і крушыны да тых старых дубоў, што стаяць над вадою "даўнейшых спраў вартаўнікамі"; ён сабраў усе адценьні беларускага неба, усе зьмены пагоды ад "ветрыка" да „вятругі", зьмясьціў тут усе поры году, увесь гаспадарскі абыходак беларуса, яго будзённы клопат і справы і сьвяточныя звычаі і весялосьці, уключаючы сюды і запраўдныя народныя песьні. Мала таго, аўтар у сукромных топографічных асадках свае поэмы, на абшары між Слуцкам і Нясьвіжам, Нясьвіжам і Менскам, зьмясьціў усю вякамі цяжкай гісторыі зложаную душу беларуса з яго жыцьцёваю мудрасьцю працы, працоўнай моральлю і працоўным прадстаўленьнем аб людзкім шчасьці і людзкай праўдзе. І ўвесь гэты сынтэз назіраньняў і матар'ялаў поэмы зроблен не капрызнаю палітраю імпрэсіаністага, адбіваючага выпадковымі мазкамі пэндзьля мгненьні і нават мігі сваіх уражаньняў, але спакойным і выразным пяром мастака-этнографа, запісваючага тое, што дакумантальна сабрана і праверана асабовым досьледам.

ІІІ.

Неабходнасьць дадаць сваім рэальна-бытавым назіраньням адпаведную форму вывела Якуба Коласа на другую літаратурную пуціну―пуціну мастацкага сынтэзу рэальных сродкаў жывой народнай гутаркі. Перш за ўсё на гэтай пуціне яму трэба было знайсьці для сваіх назіраньняў падыходзячы літаратурны жанр. Выбіраючы тэму з народнага быту, ён рызыкаваў упасьці ў тон сэнтымэнтальнага народніцтва або нават у мэлядраматызм і хадульнасьць, чаго ў некаторых выпадках ня мог ухіліцца нават і такі дэмократызатар мастацкага слова, як Някрасаў. Якуб Колас перамог гэтае затрудненьне тым, што ўзяў для свае поэмы сюжэт, ня маючы ўзьнятага драматызму, бяз усякіх эфэктных эпізодаў, і пераказаў гэты сюжэт у роўных і спакойных тонах з усімі будзённымі деталямі жыцьця. У поэме, можна сказаць, адчуваецца мясцамі амаль-што эпічны спакой Калявалы, апісуючай да маленечкіх падрабязгаў стары народны лад, а часамі нават і непасрэднасьць успрыманьня жыцьця і прыроды, дасягнутае, напрыклад, "Песьняю аб Гайаваце" ― Лангфэлла. У гэтых адносінах ажыцьцёўлены ў поэме літаратурны жанр зьяўляецца цікаваю навінкаю і пракладае дарогу другім мастаком слова, працуючым на полі беларускай літаратуры.

Для такога жанру няўхільна трэба было зьвярнуцца да жывых матар'ялаў народнае гутаркі і сынтэзаваць іх у мастацкім стылю поэмы. І гэта дасягнута поэтам у значнай ступені. Якуб Колас наогул зьяўляецца сярод навейшых беларускіх поэтаў адным з найбольш дбалых ахоўнікаў чыстаты беларускай мовы. Знаходзячыся ў сучасьсе ў фазысе свайго інтэнсыўнага разьвіцьця, беларуская літаратурная мова вельмі патрабуе цеснай сувязі з жывым організмам народнай гутаркі, каб ня ўпасьці ў крайнасьць залішне штучных і мала жыцьцёвых новатвораў. Гэта сувязь нязвычайна моцна ў стылю Якуба Коласа. Ён ня толькі ведае―ён тонка адчувае беларускую мову ва ўсіх яе стыхіях―у гістарычнай, этнографічнай, культурнай і мастацкай. У вялікім і рознастайным лексычным матар'яле, які дан у поэме "Новая зямля",