Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

беларуская мова ўстае ў сваім гістарычным прошлым, у сваёй яшчэ жывой сувязі з старой славянскай асновай, разгортваецца ў сваёй этнографічнай і бытавой сіле і цэльнасьці, гаворыць аб сваіх культурных зносінах з заходнімі суседзямі, выяўляе свае формальна-мастацкія магчымасьці. Старым бытам і моваю начальнага летапісу вее, напр., ад слова бортнік і ад звароту "схадзіць у Прусы"; стараславянская аснова адчуваецца ў слове "дрэва" і ў выразе "вельмі мала“; амаль міфолёгічна гучыць слова "пярун" у народнай выразе ("а каб яго пярун распляжыў!"). Аб культурным уплыве захаду кажуць словы "аматар" і "гарнітар“, "паперы" і „густы", "сэсія" і "катрынка“, "фарбы" і "гатункі". Але гэтыя калярытныя архаізмы і барбарызмы зьяўляюцца толькі гісторыка-культурным "крапам" на жывым організьме беларускай мовы, за доўгія вякі свайго росту стварыўшай свой багаты бытавы слоўнік і яркую, характэрную для ўсяе этнографічнае Беларусі фраззолёгію. І гэта асноўная стыхія народнай беларускай мовы шчодра прадстаўлена ў поэме Якуба Коласа. Вобразная гаспадарская гутарка чуецца ў словах - "пявун“ і „квактуха", сьціслаць і дзелавітасьць працоўнага абыходку адчуваецца ў слове - "бездараж“, прастата і сур'ёзнасьць узаемных адносін у слове — "дружак", тонкаю празорнасьцю ад даўняга хлебароба ў соцыяльную няпраўду старога панскага ладу гучаць гэтыя гуморыстычныя мянушкі панскіх слуг і нахлебнікаў—"панкі", „паўпанкі“, "панскі зброд", "нікчэмная басота", чуткае псыхолёзаваньне гутарковага матар'ялу праглядае ў сваеасаблівым слове "злосьмех". Таксама ярка і выразна фразэолёгія беларускай гутаркі, усвоеная поэмай. Добрадушнай іроніяй к убоству сялянскага быту прасякнуты такія выразы, як ― "вуглы падпëрты пірагамі", або― "жыць у добрай згодзе з прусакамі", набалелая туга па сьвятлу ведаў схована ў гэтым малюнковым вызначэньні няпісьменнасьці вясковых дзяцей "растуць, на лес, вось, глядзя". Вялікая творчая сіла мовы адчуваецца нават і ў тых выпадках, калі яна карыстаецца чужым слоўным матар'ялам, які звычайна цесна зрастаецца з аддаўняй беларускай лексікай у вадно жыцьцёвае цэлае, такое іменна ўражаньне ствараюць звароты: "гасьцінцам дзеўчынку трактуе", "стаяць, як біскупы, бутэлі", „ва ўсім прыкладны, акуратны—і ў гаспадарцы і ў банкеце", "прыроджаны штукар" і г. п.

Шырока карыстаючыся наогул жывою народнаю гутаркаю, Якуб Колас асабліва ўдатна сынтэзаваў яе асноўныя мастацкія сродкі, іменна эмоцыянальнасьць народна-поэтычнага стылю і яго малюнковасьць. Эмоцыянальнасьць стылю ўласьціва беларускай народнай гутарцы амаль што ня ў большай ступені, чым украінскай; пры гэтым яна назіраецца ня толькі ў народна-поэтычнай мове, але і ў мове бытавой, так што ў жывой беларускай мове ў значнай ступені ажыцьцяўляецца тая поэтызацыя штодзеннай гутаркі, якая параўнальна нядаўна стала ўваходзіць у абыходак кніжнай мовы, навукі і публіцыстыкі і жывой мовы адукованых слаёў грамадзянства. Найболей ярка гэту эмоцыянальнасьць ільлюструюць словы памяншальныя і ласкальныя, багата рассыпаныя па ўсяму лексічнаму складу поэмы Якуба Коласа. Ухіл да чульлівасьці ў народнай гутарцы, усвоены поэмай, распаўсюджваецца на ўсе бакі быту, на ўсе жыцьцёвыя здарэньні. Ласкальным імем абазначаецца будынак, блізкія да яго прадметы і ўсё, што мае адносіны да хатняга обыходку: "свая зямелька, куток уласны, зямлянка-будачка малая, хлявушок, ваконца, нават «вакенечка», крыжык, агоньчык, іcк-