Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

рачкі, шукаць свайго хлябка, проша мяска, каўбаскі. "Як і ў народнай поэзіі, гэты прыём эмоцыянальнасьці прыкладаецца так сама да зьяваў прыроды, да расьлін, жывёлаў, пораў году, нават наогул да абазначэньня часу: «лецейка, (замест лета), сонейка (замест сонца) гадок і гадочак, у час нядзелькі, лясок, дарожка, рэчачка-крынічка, ветрык, каласок, конік, кароўка, матылёчкі». Яшчэ звычайней гэты прыём стылю ў адносінах да людзей: "браток, браткі, госьцейкі" і г. д. і у гэтых выпадках вельмі часта пры зваротах да асобаў ён выражаецца ў форме ласкальных эпітэтаў і наогул вызначэньняў: "залаценькі, дарагенькі, будзьце-ж крэпенькі, здаровы»... Малюнковасьць стылю ажыцьцяўляецца ў поэме Якуба Коласа так-сама сродкамі жывой народнай мовы. Як і другія прадстаўнікі навейшай беларускай літаратуры, ён багата чэрпае вобразы і сымболі з народнай поэзіі і нават неаднакратна ўводзіць у бытавыя малюнкі сваёй поэзіі сапраўдныя народныя песьні. Гэты прыём малюнковага стылю наогул доволі блізак маладой беларускай поэзіі, бо ёй прыналежна моцнае цягненьне да народна-поэтычнай творчасьці. Дасягненьні Якуба Коласа ў гэтым выпадку многа глыбей. Ён моцна заснаваў свой малюнковы стыль ня толькі на помніках народнай слоўнасьці, але й на жывой народнай мове, на мове быту, прыказак, пагаворак, крылатых народных слоў. У гэтых адносінах яго стыль часамі напамінае мастацкую манеру Крылова, якога ён, па сваіх аутобіографічных прызнаньнях, так шчыра вывучваў у дзяцінстве.

Вось чаму ў адных выпадках ён проста веран эпітэту і наогул вобразу народна-поэтычнага стылю і ўспамінае аб зялёным лузе, як аб шырокім абрусе, гаворыць аб лёдзе жыцьця і аб яго сьвежых крыніцах, сьмерць параўноўвае з гадзюкаю, хату ў зелені прадстаўляе, "як у вяночку", рысуе золатам і баграю раньні золак і ранічныя хмаркі міфатворца ўсабляе вясковую бяду, якая паўзе ў хаце, "як-бы з усіх куткоў і шчылін, з усіх чуць-чуць заметных зьвілін". Але ў другіх выпадках яго эпітэты і параўнаныні, вобразы і сымбалі грунтуюцца на жывым народным абыходку і жывой, рэальна-мастацкай мове. У гэтых выпадках пра дзябёлую госьцю ён кажа: "Кадушка-Зося сонцам зьяе", пра захмялеушага лясьніка―"плыве, як панская карэта", пра кавалачак воранай зямлі―"зямлі, як бабе старой сесьці;" няўмела адапхнуты човен для яго ― "спалоханы шчупак", сярдзіты чыноўнік, "як той япрук каля карыта", яго барада― "як саламяная мятла", каля гарадзкога банку― "усходы чыстыя, як шклянка". І нават калі аўтар выяўна йдзе па пуціне ўласнай вобразатворчасьці, ён ніколі ня губляе пад сабою глебы жывога народнага слова. Дзеля гэтага калі ён, апісуючы зімовы дзень, кажа: "Трасецца сетачка сьняжынак, як сьмех прыгожанькіх дзяўчынак", мы адчуваем некаторую "изысканность" вобразу, але ня можам ня прызнаць яго конкрэтнай бытавой асновы. Гэтак-жа сама, калі ён гаворыць з пункту погляду герояў свайго апавяданьня, што "гарэлка гэтак вочы прыцягае; ну, як каханка маладая" або калі ён зарысоўвае шчасьлівы сьмех дзядзькі Антося словамі і "ад прыемных ціхіх сьмехаў чуць не да вуха вус заехаў", мы зноў гатовы палічыць і параўнаньне і гэту нявінную гіпэрболю некалькі рэзкімі гротэскамі, але ніяк няможна ім адмовіць у блізкасьці к народнаму гумару і к народнаму слову. Поэма Якуба Коласа і ў сэнсе мастацкіх прыёмаў стылю йдзе па другой пуцыне ― па пуцыне сынтэзу матар'ялаў жывой народнай мовы і іх вытлумачэньня для поэтычнай словатворчасьці.