Старонка:Замоцін Новая зямля.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная
ІV.

Шырокія, непасрэдныя назіраньні над беларускаю рэчавістасьцю і налічнасьць конкрэтных сродкаў мастацкага стылю, зачэрпаных з жывой крыніцы—беларускай мовы і беларускага быту, вывелі аўтара "Новай Зямлі" на трэйцюю пуціну—пуціну соцыялёгічнага сынтэзу агледжанага ім жыцьця. На гэтай пуціне ім створаны настолькі яркія тыповыя малюнкі і вобразы, што яны нясумненна павінны адтрымаць значэньне некатарога мастацкага дакумэнту у справе пазнаньня беларускай культуры.

Тыпізацыю беларускага быту аўтар поэмы разгортвае на фоне многавобразных малюнкаў прыроды, зарысованай ім таксама ў тыповых абагульненьнях. Поэма Якуба Коласа знае раньнюю вясну, сапраўдную беларускую вясну, з сьвежым ворывам, з гракамі і варонамі, што гуляюць па толькі што праведзеных барознах поля, з лесам, што ўсьміхаецца на спатканьне сонцу, з першымі дрэвавымі покаўкамі, з пахучым маладым лісьцем, з сьпевамі драздоў і жаваранкаў, з вясёлым крыкам жураўлёў, што варочаюцца на родзіну і сустракаюць радасным прывітаньнем "родныя балоты, густыя лозы і чароты". Поэма зарысоўвае беларускае лета з густа адзетым лесам, з квятучымі лугамі, з ляснымі ягадамі, з мядовым пахам грэчкі, калі усё радуе вока, усё настройвае чалавека на гармонічнае прымірэньне з жыцьцём: "і лес, і паша, неба яснасьць, і чысты дух, і рэчка Нёман".

Поэма знае і залатую беларускую восень, калі дрыжаць у золаце асіны, і гнуцца кісьці верабіны", калі ўсё заспакойваецца—і неба і даль скошаных і зжатых палёў, і толькі ў празрыстым паветры дрыготна калышуцца залатыя ніці васеньняй павуціны. Восень зьмяняецца бадзёраю сялянскаю зімою з чыстым пухаўным сьнегам, з вербамі і клёнамі ў зімовым уборы, з вузенькімі сьцежачкамі, пракопаных у глыбокіх гурбах сьнегу па дарозе да гумна і хлява, з зімовым паляваньнем і рыбнаю лоўляю, з зімовымі дзяціннымі забаўкамі. Поэма знае і поэзію тыповых для Беларусі мерна-марозных дзён, яна рысуе вясковыя будныя дні, дні марозаў―работу каля дому, язду ў лес і гэта характэрнае для працавітага чалавека перамога над холадам, пры якім "ляжаць на печы няма моды", і пры якім "хоць мароз крапіць пякучы да ног даходзіць скрозь анучы і сьнегам вочы зашывае,—мужык жыве і не шманае". Але поэма тыпізуе ня толькі поры году, але і іх адценьні і пералівы, характэрныя для клімату Беларусі; дзеля гэтага мы знаходзім тут і зманную амаль веснавую адлігу сярод зімы, якая, аднак, свайго не надаруе і борзда зьменьвае выпадковае павяваньне цяпла жорсткаю завірухаю з лёстравым галалёдам, з новым марозам, ад якога жудасна трашчыць лёд, параджаючы "таемныя гукі" у лясной цішы; гэтак-жа сама рысуецца тут і тая характэрная, хмурная вясна, калі то "цяплом павее, цішынёю, то зноў падымаецца "паганы вятруга", і "даль палёў маркотна стане".

На абшары звычайнай зьмены пор году поэт разьмеркаваў тыповыя беларускія пэйзажы: тут ёсьць і лясы, у якіх "напэўна ўстрэнешся з ласямі, і зайца ўгледзіш, і віёрку, і норы воўчыя на ўзгорку", ёсьць і "поле маладое" "сярод лясоў", квятнеючае яркімі фарбамі ўсходаў нівы, і сярод поля зрэдка-адзінокі курган, а на ім "крыжык-сігаціна, сівенькім мохам увесь убраны, з павязкай белай даматканай;" ёсьць і тыповыя пасадовыя садочкі з ліпамі і таполямі і гароды з ярка-чыр-