Старонка:Заранкі (1924).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯРОМ ЖАЛЬБЫ

Гэй, жальбы песьняры,
Годзе ўжо сумаваць
Калі-ж будзе вам час
Весялей засьпяваць?!

Гэй, выходзьце, сябры,
Вы у поле хутчэй,
Палюбуйцесь красой
Беларусі сваей!

Вы зірнеце наўкол:
Скрозь аздоба зіхціць;
Птушак песьні ўгары —
Аж паветра дрыжыць.

Вунь стаіць ля кустоў
Старасьвецкі курган;
А наўкола яго —
Рознакветны дыван.

Вунь працоўнік арэ
Скібы чорнай ральлі
І хапае грудзьмі
Пах ад сьвежай зямлі.

Вунь лясок за гарой.
Колькі дзіўных там чар!
Як прынадна заве
Зеляніны гушчар!

Там вазёрка блішчыць
У кустох лазьняка,
А там срэбрам бруіць
У нізіне рака…

Ужо золак зазьяў
І над нашай зямлёй;
У краю сонца ўзышло
З залатой яснатой!