Старонка:Заранкі (1924).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

У ПРЫПАР.

Сіняе неба бяз хмарак,
Ветрык ледзь-ледзь набяжыць;
Ціха навокал, ні зыку, —
Сьпека нямая стаіць.

Выйшла на поле, бы войска,
Жонак, дзяўчат і хлапцоў.
Знойдзецца кожнаму праца:
Прыпар гарачы прышоў.

Тут падварочваюць сена,
Там заграбаюць у стог;
Вунь і на воз ускладаюць…
Носіцца гук па палёх.

Косы свае навастрыўшы,
Сталі касцы дружна ў строй:
Кветкі пахучыя, траўка —
Ўсё палягло пад касой.

Вунь на шырокім узгорку
Бабы сагнуўшыся жнуць;
Смага ссушыла іх вусны,
Рукі іх змораны, мруць.

Дружна-ж вы, людцы, працуйце,
Згоднай супольнай сям‘ёй!
Сьмела спаткаеце зімку,
Седзячы ў хатцы сваёй.

ЗАШУМЕЛА ЖЫТА.

Зашумела жыта
Сьпелым коласам,
Павяло размову
З ветрам-сіверам.