Блакіт небасхілу і ясен і чыст.
І сьціх ужо ў дрэвах здаволены ліст.
Усьмешкаю зьяюць і рэчка і дол;
Шчабечуць так радасна птушкі наўкол…
Хутчэй, чалавек, ты у поле ідзі, —
Як цешыцца ўсё навакол — паглядзі!
|}
Цямнеюць блакітныя далі,
Заціхлі ў палёх галасы,
Плюскочуць дзесь рэчныя хвалі,
Трава ў сьветлых кроплях расы.
Люблю я вячэрняй парою
Адзін у дуброву хадзіць,
Люблю я з чароўнай імглою
Журботныя думкі дзяліць.
Патроху сьціхаюць там болі,
Душа там стаецца мацней,
І думкі імкнуцца на волю, —
Журлівасьць ня цісьне грудзей.
Прасьветлыя мары ўзьвявае,
Крыніца нясе свой плюскот;
На плюскаты вецер зважае —
Ледзь-ледзь скалыхае чарот.
Схіліўшысь над рэчкай бурлівай,
Вярбінкі ў задуме стаяць;
Іх лісьці ў трывозе шумлівай
Там з хваляй аб чымсь гаманяць.
Прыветны мне чуецца шопат
Між гэтых зялёных галін.
Зьнікае жыцьцёвы тут клопат;
Мне лёгка, хоць я і адзін.
|