Старонка:Заранкі (1924).pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

Ах вы, людзі, добры людзі,
Як мне ня тужыці,
Калі чуе маё сэрца:
З мілым мне ня жыці!
На дарозе нас спаткалі
Тут благія людзі,
Разлучылі мяне з мілым…
Жальба цісьне грудзі.
Ой, пайду я ў лютым горы
Ды у чыста поле;
Пашукаю я там пільна
Сабе лепшай долі.
Вее вецер на просторы;
Мчацца чорны хмары;
Цёмна ў сэрцы, сьвятла мала
І на ўсім абшары.
Сівер сьвішча і скагоча,
Лісьце падганяе.
Маё беднае сардэчка
Жальба надрывае.

|}

НОКТУРНО.

Зьнікла зялёная траўка у полі,
Зьніклі ўсе кветкі ў лугу.
Рвецца душа мая, рвецца да волі:
Зімна мне тут — не магу!..

Неба схавалася ў цёмныя хмары,
Дождж у вакно ўсё сячэ,
Сьвету ня відна ў далёкім абшары;
Боль маё сэрца пячэ.

Ліст пажаўцелы шасьціць і нясецца,
Сумна ляціць на зямлю;
Вецер гудзіць, не — ён плача, здаецца,
Душу сьціскае маю.