Старонка:Заранкі (1924).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

Згінуць завірухі,
Непагоды злыя.
Нам тады, дзяўчынка,
Сонца блісьне зноў.
Пад канец сярдзітай
Зімкі можа ўскрэснуць
І калішні ласкі
І твая любоў…

|}

У ЗІМОВУЮ НОЧ.

Месяц сьвеціць. Ноч агорнула зямлю.
Навакол раўніна сьнежная ляжыць, —
Бель закрыла і палянкі і ральлю.
Санкі сьвішчуць, конь маланкаю ляціць.

Заліваецца званочак пад дугой,
З-пад капыт ляціць-мігціць халодны сьнег,
Пыл срыбрысты абсыпае нас з табой.
Дзіўнай музыкай зьвініць твой мілы сьмех.

Прытулі ка мне галоўку ты сваю:
Каб ня быў чутны ні холад ні мароз,
Пацалункамі цябе я ацяплю;
Тады шэрань не зачэпіць тваіх кос.

Сьветлай зоркай вунь мігнуў нам аганёк;
Ён паказвае куды наш шлях вядзе.
Гэй, хутчэй бяжы, наш сівенькі канёк!
А званочак і сьмяецца і пяе.

Скора вёска, скора родны наш куток;
Там спачынем; мая мілая, з табой.
Грохат гораду застаўся ўжо здалёк.
Там, у вёсцы, знойдзем шчасьце і спакой.

На душы так лёгка й вольна у мяне,
І мне хочацца сьмяяцца і сьпяваць.
Навакол усё зіхціць, бы ў дзіўным сьне.
Сьветлым роем нашы думкі ў даль ляцяць…