Прышла вясна к нам шчасная,
Зазьяла сонца яснае;
Наўкол кіпіць жыцьцё.
Сьвятло-цяпло магутнае
Прагнала думкі смутныя,
Ўзьняло ўміг пачуцьцё.
Прайшла ўжо ночка цёмная.
Ўзьніміся ўсё бяздомнае,
Бо ўжо вясна прышла!
Гай стрэў вясну шумлівую,
І рэчка ўжо бурлівая
Вадою загула.
Прайшоў цяжкі зімовы сон,
Пачуўся сьпеў, палёвы звон;
Гудзіць, шуміць вясна.
І к зорам, к небу шчаснаму,
К сьвятлу і сонцу яснаму
Душу ўзьняла яна…
Хвала, вясна прыгожая,
Хвала, прырода гожая,
Хвала табе, сьвятло!
Зямельцы, небу й зорам тым;
Стварэньням і расьлінам ўсім
Жыцьцё ты прынясло!
|