Старонка:Заранкі (1924).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

Грахоча чыгунка і рэжа паветра;
Бягуць пералескі, палі,
Палоскі зялёныя, будкі і ніўкі
Ўзаратае мякка ральлі…

Бяжыць маё жыцьце, як тая чыгунка,
Ўсё далей, ўсё к сьмерці бліжэй, —
К тэй сьмерці, што дасьць мне праўдзівы спачынак,
Што страшна цямрою сваей.

|}

БІСЯ, СЭРЦА…

Гэй, забудзь свае нягоды
І з надзеяй у грудзёх
Заадно ідзі з прыродай
Спатыкаць вясну, ў палёх!

Паглядзі: яна вярнулась.
Знова кветкі нам мігцяць,
І праменьні веснавыя
Лес і поле залацяць.

Сэрцу кожнаму жадана
Гэта дзіўная пара.
Біся-ж, сэрца, бязупынна
Для любві і для дабра!

Біся, покі многа сілы
І у жылах кроў бурліць,
Покі жыцьце табе міла;
Покі хочацца любіць.

Біся сэрца: глянь, як дзіўна
Разьліваецца сьвятло;
Дык-жа біся бязупынна;
І руйнуй ліхое зло!