Старонка:Заручыны Паўлінкі.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

Зьява 2.

ПАУЛІНКА (адна). Ах, Божа! Сэрцэйка так баліць, моў выскачыць з грудзей хоча і ляцець да таго, каго гэтак узьлюбіла!.. Але як яму памагчы? што зрабіць? Можа гэтыя зьвяры майго Якімку і ўзапраўды пасадзілі ў вастрог на вечныя часы і прападзе ён там марна! (Прыкладае рукі да грудзей). Ах, сэрца мае! сьцішся! Ня бейся у грудзёх, як птушка зачыняная ў клетцы.

(Пяе):

Супакойся, сэрцэйка, не дрыжы!
Няўжо-ж з грудзей вырвацца хочаш ты?

Не пара цяперака сьлёзы ліць
Ды ў бязсільнай роспачы ўсьцяж тужыць?

Я хацела-б міламу памагчы,
Вызваліць з ягонай тэй бяды.

Ах, дарма ўсё думку думаю,
Нічагусенькі не прыдумаю.

Краты там жалезныя у турме
Не ўзламае мілы мой, мусіць, не

Навакол высокія там муры
Пахавалі мілага без пары.

Раданькі ніякае, ах, няма,
Я бязьсільна дзеўчына, я — адна.

Дык-жа сьцішся, сэрцэйка у грудзёх,
Хай з мяне апошні ўжо выйдзе ўздох.

Зьява 3.

Паўлінка і Адэлька.

АДЭЛЬКА (убягае). Паўлінка! Каб ты ведала, якую я вестку прынясла!.. (Паўлінка сумна глядзіць на Адэльку і нічога ня кажа). Ну ня сумуй! — Якім пісаў!