Ты цалуеш мяне і песьціш —
Словы нашыя — матылі —
Ў сваіх сэрцах мы радасьць зьмесьцім
зацьвітаючае зямлі.
Ловім рэхаў далёкіх зьместы,
заглядзеўшыся у вагні.
На бязьлістых вуліцах места
аб вясьняным сонцы сьнім.
У зарніцах далёкіх адсьветаў
загараюцца нашыя дні —
І, здаецца, да ясных мэтаў
Клічуць полымяў гэтых агні…
І, здаецца, на бруку — плесьні
нехта запах вясны разьліў.
А ў маёй натхнёнай песьні
Б‘ецца пара ўзьлётных крыл.
|