Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

Пад небам вісяць, як абрус той,
Іх многа над полем, іх густа,
Аж прыкра ад іхняга тлуму.

Маланка пляце агнявіцы:
Па небу значкі-бліскавіцы
Пайшлі мігацець, сляпіць вочы;
А гэтыя бліскі без меры,
Як пісаны верш на паперы,
Чытае пярун і рагоча.

Любуецца рытмам і складам,
Любуецца музыкай, ладам,
„Трах-трах“, раз і два — проста люба!
Ляскочыць, малоціць цапамі,
Агнёвымі сыпле снапамі,
Прыносіць камусьці загубу.

А хмары цямнеюцца болей
Над дзікім балотам, над полем,
Бы ноч над гушчарам імглістым.
І плача і жаліцца неба:
Лупцуе слязамі па глебе,
Лупцуе патопам дажджыстым.

І змеіцца рэчка жывая,
Паводка лугі залівае
У новай вясёлай гамонцы.
І мые, змывае абшары,
Балоты, загоны, выгары
Пад яркім, пад радасным сонцам.

Менск, 1921 г.

|}