Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

Між бору, між балот, сярод лугоў, далінаў
Захлюпаны ляжыць стары абрыдлы шлях;
Кульгае жабраком удоўж гняздоў-хацінаў,
Паўзе, як слізкі вуж, па стоптаных палях.

А спіну яго ўсю паранілі калюгі,
Каменне, гразь на ім — паклажаю жуды.
Ішлі па ім вякі і людзі, і звяругі,
Тут — косці, чарапы, драпежныя сляды.

Пад ціскам кол і ног, пад цёпканнем марудным
Балюча крэхча шлях, плюе крывёй-гразёй;
І заглушаюць боль лясныя перагуды,
І восень мчыць па ім з дажджыстай бараной.

Няхай ужо скарэй на хлюпкія абшары
Пасцягвае зіма свой ільдзяны граніт.
Няхай ужо скарэй марозам запажарыць,
На чорны шрам зямлі паложыць снежны бінт.

А за зімой услед паводка веснавая
Няхай прымчыць, як госць, на сонцавых санях.
Хай крыгі зазвіняць, хай рэчка загуляе,
Хай змые бруд зямлі і выкупае шлях.