Гэта старонка не была вычытаная
Плынь рэчкі не кіне
Імпэтна цябе, —
Ідзі, як па мосце,
Па гладзі яе.
Направа, налева
Таўчэцца крышталь.
Нябёсы з зямлёю
Сшывае шыр-даль.
Туманяцца далі,
Іскравіцца дол,
І круціць і верціць
Віхура вакол.
У шэрай спадніцы
Імглы ільдзяной
Галосіць, скаголіць
Галоднай ганнёй.
На хвоях высокіх
Кудзелю прадзе,
А хтосьці мяцёлкай
Паляны мяце.
І пыліць і трусіць,
І сее муку,
Качаецца, стогне,
Ляжыць на баку.
На сумных пустэчах
Пякуць пірагі, —
Вялізныя булкі —
У горы-стагі.
І кашляе пушча,
Ад сцюжы хрыпіць,
І дрэва па дрэве
Іграе, скрыпіць.