Увосені да іх пад невады туману
Багністы страх балот не дапушчаў дзяўчат.
Ад воч і рук людскіх былі яны схаваны.
Па роўнядзі імхоў расло іх тутка шмат.
Празрысты быў лядок, як з павуціны сетка,
Як шыбіна ў расе — пад сонцам ён спацеў.
Пад жылістай лазой, дзе вадзяныя кветкі,
У глыбіні Вясна знайшла сабе пасцель.
Мяцеліцы Вясну надоўга пакаралі, —
Каб не трывожыла, накінулі дрыму.
Чырвоныя з брусніц былі на ёй каралі,
І на жывых грудзях жылі усю зіму.
Разрэзаным грыбком разявіліся губы,
Усмешка расцвіла на твары ува сне.
Як брызгі малака, бялелі яе зубы,
Во зараз між расніц сінявы зрок блісне.
З-пад вадзяных лілей пажоўклых і дрыжучых
Чуваць быў лёгкі шэпт, дрымотны подых-гук.
З-пад залатой лускі, з-пад бурбалкаў бліскучых
Прыкметны былі ледзь абрысы ног і рук.
Яна прарвала сон, прабіла лёд рукою
І рассяваць пайшла пралескі па зямлі.
І зацвіла вясна ў праменнях над ракою,
І выраем удаль вяснянкі паплылі.
Так паляшук стары, жыхар глухой мясціны,
Казаў мне пра вясну і браўся за дуду.
„Не верыш — сам схадзі на тыя лугавіны!“
І жмурыў вока ён і гладзіў бараду.
Менск, 1922 г.
|}