Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

І будзе на палях трывожная работа.
І будзе працы шмат на гонях, на шнурах.
І не паможа тут гультайства, неахвота,
І не паможа страх.

Спякота або дождж, пагода — непагода, —
Ты вырваны карэнь з радзімай стараны.
Ты вырваны з гнязда — не трэба тваёй згоды —
Пагналі бізуны.

Давай зямлю араць гранатамі тым часам,
А тысячамі куль пасля баранаваць,
Гнаіць крывёй людской і дымным цёплым мясам,
Штыхамі растрасаць.

І пойдзе так сяўба — жалеза і патроны,
І буйны колас-смерць пад сонцам зашуміць.
Пагібель будуць жаць — і пошасці і стогны,
Пакуту малаціць.

І дзень і ноч працуй — о, дзе спачын пасцелі?
З вачэй тваіх зірне шаленства каламуць.
Кашуля пагніе на адзічалым целе,
І чэрві загрызуць.