Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

Можа горш за турка,
Можа горш за немца…
Разбярэм тут хаты
„Па адных паленцах…“

Ляманты і крыкі.
Востры свіст нагаек.
Лаянкі і рогат.
Звоны балалаек.

Раптам прычытанне:
„Ой, забілі дзядзьку…
„Бедны Мордха-Лейба,
„Цётка небарачка…“

Тут жа ўсёй сям‘ёю
За хлявом стаім мы.
Сонька шэпча з страху:
„Гора нам… Жыды мы…“

Вочы яе — процьма.
Ёй сто год, здаецца.
Гэткія пакуты
Ў гэткім малалецтве…

Маці кажа „цорэс“,
І бядуе тата.
„Што жа нам рабіці;
Як пакінем хату?“

Маю прапанову:
Пойдзем у сасоннік.
На маіх руках
Маленечкая Соня.

Лёлік мяне моцна
За руку трымае,
Трэба як хутчэй
Дабрацца нам да гаю.