Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

РАДАСЦЬ

Ад заранкі ружавеюць вокны.
На дварэ гудзе-злуе мяцеліца.
Шум у хаце — Лёлік ажна гойкнуў
„Карова наша целіцца!“

У хляве наш бацька — акушэрам.
Дзеці ўсе задалі матцы загадку:
— Ці „яна“ — цялушка — будзе шэрай,
Ці у журавінках-ягадках?

У хляве і лямпка нумар пяты,
Адзінокая са шклом закураным.
Па падлозе дзеці востраць пяткі
І спацыруюць з курамі.

Маці дровы шчэпіць па пацёмку,
Нібы злосна кажа: — чэрці, годзе вам!
Калі не, сягоння дам лупцоўку,
А заўтра дам малодзіва…

Бацька йдзе і нешта ў кажуронку
Гладзіць ён рукою закарэлаю.
— Вось вам, дзеці, новага дзіцёнка,
Цялушку ды яшчэ белую.