Там зазвоніць — нібы звон,
Там заззяе — нібы ззянне.
Не ідзі туды на згон,
Не ідзі туды на гранне.
Прабяжыш там, прабяжыш
Трое межаў, трое гоней.
Вось стаяла — вось ляжыш.
Над табою бор зазвоніць.
Бор зазвоніць над табой,
Ты пад звон той заначуеш.
Снег насыплецца гарой —
Не пабачыш, не пачуеш.
А у хатцы, бач, тапчан,
На тапчане тым бабулька,
Да дзяўчынкі кажа: „Глянь,
Кот свой тварык мые, Юлька!“
На пяколку шэры кот.
Ён чакае падарожных.
І бабулька сцяла рот,
Штось не спіцца. Штось трывожна.
У куточку вунь партрэт
Генерала ды старога.
Свеціць вока, эпалет,
Нос — цыбуля, вусы — рогі.
Важны, строгі знак вайны,
Важны, строгі генерал той.
„Вось якія, вось яны,
Што забралі сына гвалтам!“
Генерала рваць даўно
Ўсё хацела, ды баіцца.
„Вось дзе гора, вось яно!
Ах ты, злодзей! Ах ты, гіцаль!“