Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/187

Гэта старонка не была вычытаная

Знаходзіць цуд працоўны у навуцы,
У радыё — ўсе фокусы багоў.
Ратаі ўсе ў навукі хорам мкнуцца,
І пастухі — сыны лясоў, лугоў.

Наш край цяпер чытае рупна кнігу,
Варожаць слух казанні лектароў;
Гарбар, шавец і гарапашнік з нівы,
Жанчыны — ўсе бяруцца за пяро.

Царкву, касцёл, мячэць і сінагогу,
Дзе фальш лунаў у хмарах блуду, цьмы,
Народ бярэ назад у пана-бога —
Пад школу, клуб „нябесныя дамы!“

III

А Беларусь бязбожніцаю стала,
Цвіце, расце партыйкай маладой,
Глядзіць удаль — ў Еўропу капітала,
Трасе сярпом і молатам з гразьбой.

На ёй блішчаць і літары і кропкі
Ў агні сцягоў совецкіх устаноў.
Рабочы там і парабак з маёнтку,
Вартуюць край ад дзікіх грызуноў.

О, шчасця шмат над старай лысагоркай, —
Тут „хлоп“ былы знайшоў сябе цяпер.
Варожыць цвет пяціканцовай зоркі,
Абліт красой узор СССР.

О, колькі ў тых у літарах значэння!
За іх сыноў шмат лепшых палягло.
Тут не адно людское пакаленне
Сваіх байцоў за волю аддало.

Няхай наш сцяг спрабуе здзерці з месца
Ганебны пан, сусветны капітал:
Тады мы ўсе — чырвоныя армейцы!
Тады мы ўсе — чырвоны страшны шквал!