Гэта старонка не была вычытаная
*
Імчуся ўдаль —
І сінь запаланіла.
Буяе стэп
Кавыльнай даляй.
Які віхор,
Якія дзівы-сілы
Зямлі абшар
Так гладка вытапталі?
Вісяць арлы
Над бураю грамадай
Пад шолахам
Дажджыстай мжыстай мгліцы,
А дзе-нідзе
Нязнаным белым стадам
Тут распаўзліся
Белыя станіцы.
Вятры гудуць —
Дагэтуль не забылі
Крывавых баляў
Дзікіх атаманаў.
Глыбокі Дон
Дзівуе срэбнай быллю
Прыбрэжны дол
Шуршавістых бур'янаў.
Над ім масты —
З жалеза гафтаваны —
Звіняць, вісяць
У лёгкім скоку.
Чаўноў і параходаў
Караваны
Пеняць сінь вады
І вабяць вока.
*
Імчуся удаль.
Пад цёмнасінім дахам
Не ноч, не дзень —
Агні, агні бясконца.