Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

БУДУ ПІЦЬ ПАХУЧЫ СМУТАК ЗМРОКАЎ…

Хтосьці дзень зарэзаў, бы ягнёнка, —
Шмат крыві у мора палілося,
На заход пачаў бамбук гамонку,
Задрыжэлі пальмы ў адгалоссі.

Запалалі горныя абрысы,
Запалалі — згаслі ў задуменні.
Вецер цёплы лічыць кіпарысы;
Хвалі граюць, мчацца, як алені.

Буду піць пахучы смутак змрокаў,
Покуль ноч на параход навісне.
А пасля пайду брысці далёка,
Дзе ліяны на гары спляліся.

Там авечак цэлыя атары,
Там агнішчы чабаноў абхазскіх,
Там смуткуе, весяліцца тара,
Там яна — абрываў стромкіх казка.

Там пяе пастушка маладая.
Песня-быль мацней жыцця і смерці.
Дзіўны голас ловяць блізі, далі.
Сум і радасць — дзеці яе сэрца.