Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/220

Гэта старонка не была вычытаная

ЧОРНАЕ МОРА

I

Паў туман на горы, касагоры —
Сівазмрочны і бяльмісты.
Пацямнела мора і узмор‘е —
Цвет абшараў непразрысты.

Разгарнулі ўсе вятрылы крыллі
У балахонах шуры-буры;
Бы ваўкі завылі ў пене-мыле,
Пайшлі стогны, пайшлі хмуры.

Загулі на моры вохі-ўздыхі,
Шумы-громы, рыкі-крыкі,
Задымілі воды срэбным пыхам,
Вал шалёны закутыкаў.

Зараз згінуць горы-касагоры,
Падмываецца падножжа.
Зараз будзе ім ад мора гора —
Камні сыплюцца, як збожжа.

Зайкі-грайкі граюць зблізу, ўдалі
Ў яркіх плынях з агняспышак,
І граблямі грэбні замільгалі,
Нібы плоймы шызых мышак.