Вееры пальмаў шапочуць, дрыжаць, нібы крыллі,
Звоніць пустымі клыкамі мядзяны бамбук,
Вышыўкі спуджаных зорак аблокі пакрылі, —
Зоркі, бы ружы, сарваны мільёнамі рук.
Банда імчыць к прыбярэжжу ганнёю імсцівай,
Стукае князева сэрца пужліва „так… так…“
Банда спынілася раптам. Да князя пачціва:
— Свеціць ля самага мора совецкі маяк…
Князь песціць вус і жартуе: — Хай свеціць маяк нам.
Смела наперад, няма нам дарогі назад!
Дайце аулы ўсе знішчым! Застукнем, загракнем,
Покуль дагоніць нас з тылу чырвоны атрад…
Сполах застыў між цяснінаў, трывожыць высоты,
З процьмы дэльфінам заёрзаў, дзіцёнкам крычыць.
Радасці дня пасхаваны медузнай слізготай,
Згінулі ўсе паратункі ў ваўнянай начы.
Сівым разгневаным стадам буйтураў-грамадаў
Скача на бераг шматзвонны імпэтны прыбой,
Дробіць каменні ў пясчынкі, змывае, як здраду,
Брызгае полымем брызгаў між белых зубоў.
Лямант нястрыманы глушыць скалістыя жмуты,
Вабіць на трызну віхураў уздыблены вал,
Водгукі даляў спляліся ў грымучыя скруты,
Вые, галосіць ў аддалі шалёны шакал.
Сціснуты морам пявучым, прыбойнай мярэжкай,
Здзіўлены цудам узгор‘яў, шматвёрсных брускоў,
Цягнуцца скурай пантэры, вузкія бы сцежкі,
Бедныя гнёзды-аулы былых батракоў.
Ціха паўзе, як вужака, да сакляў драпежнік,
Следам за ім яшчэ многа крывавых гуляк.
„— Хлопцы, хутчэй да аула! Усіх перарэжам!“
Свеціць ля самага мора совецкі маяк.