Аніводнай блізка вёскі…
Што за прыкрыя тут ночы…
Дзве мільгнулі папяроскі —
Воўчы вочы.
II
Раніца. Не гуслі — гэта раніца.
Агні гараць над рэчкаю — агні.
Грайніца — жаўранкавая грайніца
Звіні, сыр-бор! Вяршынямі звіні!
Сонейка. Зірні на поле, сонейка,
Па шкле нябёс, праменнем бі па шкле!
Гонейка, ты скінь цямравасць, гонейка.
У ймгле ты начавала, ува ймгле.
Грывамі махаюць коні — грывамі:
З начы імчаць начлежнікі, з начы.
Дзівамі, хваіны граюць дзівамі.
Крычы, абшар, ад радасці крычы!
III
Замест неба — бляха.
Дрэмле, спіць абшар.
Сонца стала страхам:
Ні дажджа, ні хмар.
Млеюць траўкі, кветкі,
Ледзь гудзіць пчала.
Высахлі палеткі.
На сасне — смала.
Стома ад спякоты.
Дзецца няма дзе.
Пастушок турботны —
Рыбкаю ў вадзе.
Непакоіць стада
Злосны авадзень.
Проста няма рады —
Эх, паганы дзень!