Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/239

Гэта старонка не была вычытаная

ПАЙДУ…

Пайду у самоць пад хрып, пад хруст прыбрэжжа;
На кій вандроўны там бамбук я зрэжу.
У агнехмельнай радаснай бядзе
Маё каханне — чайкаю ў вадзе.

Пайду ў задум пад шэпт, пад песню пальмаў,
Дзе смех дзявочы асалодай паліць,
Дзе кіпарысы сталі ў стройны рад,
Дзе дзень у дзень злуецца водаспад.

Ён малаткамі звоніць у граніты,
Ён дражніць горы стукам стокапытным,
Ён на абвал плюе разбітым шклом,
Ён чыніць бесчын срэбраным агнём.

Пайду я ў ноч, у шоўк пахучай мгліцы:
Дзе знікла з даляў спелая зарніца,
Дзе постаць мілай тоне паміж дрэў,
Дзе на вяршынах дзень стары згарэў.

Яна прышла насустрач маім ласкам.
Яна прышла, як лятуценне з казкі.
У радасць рынем з ёю да зары,
Бы камень адарваны ад гары.