Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

Зноў зайграла сонейка пад вечар,
Лужа кожная была люстэркам,
Кропля ў кроплю — сяміцвет.
Селянін тугу сваю залечыў,
З радасці ён выпіў поўбутэлькі.
Постаць, вочы — цэлы свет…

VII

Пайду дзівіцца я на летні вечар.
Над пушчай грае зборышча зарніц.
У рэчку ўтапілася іх веча
І гарыць.

Пайду дзівіцца я на цень самотны.
Смуглеюць там бярозы ува сне.
Зашэпча, скалыхнецца дуб вільготны
І засне.

Пайду дзівіцца я на спеў начлежны,
Дзе коні путамі жалезнымі звіняць,
Дзе зоркі запаліліся ў бязбрэжжы
І дрыжаць.

VIII

А вось і ноч. Я зноў адзін ля рэчкі.
Тут за пяскамі блізка хутарок.
Вунь канапля, а на пагорку грэчка.
І пахне так запознены дымок.

Звон камара цянюткі, нібы волас.
Кароткі крык гармоніка і — смех.
Урыўкі слоў. Дзявочы гучны голас.
Эх…

1911 г.

|}