Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

Тры маладыя бярозкі — бярозавы снег.
Вогнішча я запаліў тут, наладзіў начлег.
Цень да сырой галавешкі спіною прынік.
Дзед да гаршка прыхіліўся — стары вартаўнік.
— „Лезь пад кажух, мой ты родны, прыляж ды засні.
Хай гэтых купчыкаў трасца! Няхай іх агні!
Хай сабе з рэчкі расцягнуць той прускі тавар.
Нам тое самае будзе, смалі іх пажар!“
Я да агню прытуліўся. Заснуў на пяць хвіль.
Снілася: ймчуся далёка на сотні на міль.
Вунь гарады… Я іх бачу… Хачу я туды…
Жыць можа буду з бядою, а мо‘ без бяды.
Цяжка там выбіцца ў людзі, а тут яшчэ горш,
Што мне работа пры сплаве — аддам хоць за грош.
Раптам зямля задрыжэла — канчаецца свет.
Хутка прачнуўся — бабухнуў стары пісталет.
Дзед так старанна і рупна дзьмух-дзьмух у курок.
— „З рэчкі крадуць! Эх, і сорам! Такі абібок!“
Водгалас гулкі пачуўся з сабачым выццём.
— „Эх, і жыццё! Дай-жа веры, сабачча жыццё!
Вогнішча дай мы прытушым во зараз, во тут.
Бо мужыкі так злуюцца. Нам будзе капут.
Хай той купец гэтак дрыхне, каб каменем лёг!
Пойдзем, мой родны, схавацца вунь блізка пад стог“.
Бор гаманіў неяк грозна ў паўночнай цішы.
Стала маркотна, няёмка ў балотнай глушы…

Пасадзец, 1911 г.