Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

І бусел узняўся. Шырокія крыллі
Гарэлі у небе сваёй белізной.
Дзяўчынка пад‘ела. — „Завуся Марыляй“.
— Кажы, як жывецца? Не бойся, я свой!

— Дык наша хацінка маленькаю будкай
Адна на паляне, як той вартаўнік.
На прызбе шырокай растуць незабудкі.
Дубок, як падпора, да сценкі прынік.

Дык там мухаморы глядзяць у канаўку,
А воддаль бабуляй шапоча сасна.
Насустрач — даліна, мурожная траўка.
За лугам — магільнік, хмызняк і багна.

Хоць раз ці была я ў матулі пястушкай,
Хоць раз ці карміла матуля як след.
Служу я ў фальварку тут блізка пастушкай,
Служу нізавошта ўжо некалькі лет.

На раніцу статак пускаю на выган,
Адтуль па балоце — на панскі барок.
На могілках страхам нязведаным вее,
Апрыкрыла грэбля, крыжы і пясок.

Хоць ёсць абарона пры самай дарозе —
Нябожчыка бацькі бугорчык зямлі.
Я вочы зажмуру, бягом у трывозе
І плачу пры гэтым у тры ручаі.

Я помню, татуля быў вечна за працай,
Ён парабкам цёнгля служыў у дварэ.
Тады, як і зараз, быў голад у хаце,
Аж нейкая жаласць за сэрца бярэ…

І скардзіўся тата на пана благога:
„Працуеш-працуеш — аднолька бяда.
Ану яго к чорту! Ану яго к богу!
Надыйдзе часіна, ой перцу задам!“