Не ад працы бедны вохаў,
Не ад горкае нядолі
На шырокім панскім полі,
Не ад крыкаў цівуноў,
Не ад свісту бізуноў. —
Бо на панскіх на загонах
Так-сяк звыкліся з прыгонам,
У хацінах курных цесных
Часам цешыліся песняй;
Песня ймкнулася ўгару
На высокую зару,
І адтуль чырвоным птахам
Біла крыллямі аб дахі:
Зыкі брызгалі яскрава
На абшары, на дубравы. —
Дзеі горшыя былі,
К ім прывыкнуць не маглі:
Вочы панскія сляпыя,
Як ражонішчы, страшныя,
Бедных рэзалі-калолі
Аж да страшнага да болю:
Той сляпы, той панскі зрок
Пранікаў людскі куток
І даводзіў да дрыготаў.
Адпадала і ахвота
Жыць на свеце — бельмы пана
Аж да вечара ад рана
Ўсіх калолі як сукі,
Як сталёвыя цвікі:
Пан сляпы, а заўжды знае,
Дзе дзяўчына маладая,
Дзе красуня-маладуха, —
Да яго даходзіць слуху.
Да сябе з вясковых хат
Згоніць пан усіх дзяўчат;
Корміць мясам, поіць мёдам,
Кружыць гучным карагодам.
Граюць скрыпкі і басэтлі
Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/296
Гэта старонка не была вычытаная