На ігрышчы панскім гэтым
Дзень за днём, за ночкай ноч,
Ажна іскры сыплюць з воч.
На благія жарты-кпінкі
Пан ім ладзіць вечарынкі.
Ён у шумным карагодзе
Страхаццё на іх наводзіць,
Бо іх мацае рукой:
Робіць спробы над красой.
А каго з іх спадабае —
Застаецца пасля балю…
Быў тут сведкай слёз і стогнаў
Бедны стараста прыгонны.
Ён зганяў сюды дзяўчат.
Воля пана — то не жарт.
II
Раз пад вечар громка, строга
Кліча старасту старога
Пан сляпы к сабе ў камору,
Кажа: „Во якраз у пору
Ты прышоў! Наладзь гульню,
Знаеш, так, як я люблю!
Калі не, дык закатую,
Галаву здзяру пустую!
Пасяку цябе на мяса —
Маім выжлам на каўбасы.
Мой фурман на гэта зух, —
Выб‘е твой мужыцкі дух!“
Мужычок стаіць, трасецца:
„Дзе схавацца? Дзе тут дзецца?
Заклююць, з‘ядуць сяляне,
Мне жыццё пякельняй стане.
Вось паганства, вось брыда,
Проста гора ды бяда!“
Вышаў стараста з пакояў.
Над зямлёю зорак роі