Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/303

Гэта старонка не была вычытаная

IV

Восень. Цемрадзь. Ноч сляпая,
Вельмі ціхая, глухая.
Спіць палац у жудкіх чарах,
На нябёсах хмар атара.
У ваўнянай паласе
Патанулі зоркі ўсе.
Цьма сляпым бяльмістым вокам
Абхапіла свет шырокі,
Загуляла з цішынёю,
Паплыла над шырынёю,
Ўсе запоўніла куткі,
Пустыры і хмызнякі.
Чуць шапталіся бярозкі.
Спала поле, спалі вёскі.
Сон з дрымой удвух луналі
Па-над змрочнай, немай даляй,
Сажу сеялі уніз
Сярод хатак, сярод хмыз.
Што за крыкі апаўночы?
Мо‘ каго хто рэзаць хоча?
Чаму неба заквітнела?
Чаму глеба счырванела?
Што за ночны нейкі сход?
Куды ймкнецца так народ?
Панскі ўзгорак грае, ззяе:
Вечарынка агнявая.
Нібы сонцам асвятлёна,
Цветам пышным аздаблёна.
Панскі дом на той гары
Як-бы ў водблеску зары.
Як удзень, уночы светла, —
Гэтак цёпла, гэтак ветла,
Варна, нібы сярод лета.
Што за дзіўная прымета?
Панскі дом блішчыць, як жар, —
Гэта бухае пажар…
Асталіся там на ўзгорку