Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/311

Гэта старонка не была вычытаная

Ловіш рытм кемных рук у паветры,
Проста дзіва, як граблі трымцяць;
Граюць вілы, спяваюць пад ветрам,
Хусткі баб мігацяць, мігацяць.

Цела гнецца рухава, упарта,
Разыгралася, рыпае косць;
Зніклі кпіны, адкінуты жарты,
Вока сыпле і строгасць і злосць.

Стог саломы расце на гумнішчы,
Жыта рэчкай плыве і плыве.
Малатарня тарпу скора знішчыць,
Да астатку яе глымзане.

Хадыром ходзіць стары будынак,
І дрыжыць пашурпачаны дах, —
Такі шум, такі тлум — быццам рынак,
Аж кругі мітусяцца ў вачах.

Проста люба глядзець, як работа
У руках гарапашных кіпіць.
Тут і цяга да працы, ахвота, —
Любяць працу, як есці, як піць…

V

А газніца стаіць на драбіне,
Воўчым вокам глядзіць на людзей;
І здаецца, буркне зара з кпінай:
„Хоць бы кончылі працу скарэй!“

У адказ раптам шась — стала ціха,
Нібы д‘ябал упутаўся сам;
Чутна лаянка дзеда: „Вось ліха,
Стары пас, стары пас папалам!“

Гэты пас мужыку быў назолай,
Вечна рвалася старая гніль;
На вяку сваім пас вакруг колаў
Шмаргануў не адну сотню міль.