Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/313

Гэта старонка не была вычытаная

Водзіць хлопец тым часам тры ноты,
Талялюкае ён узапар.
Галасней паўтарае з ахвотай,
У пузыр аж надзьмухае твар.

Салавеюць блакітныя вочы,
Забывае сябе ды ўвесь свет.
У таку у гэты час хтось мармоча,
Злосна венікам шморгае дзед.

VII

Стары вечна работу знаходзіць,
Бо заўсёды яе проста цьма;
Вечна тупае, ходзіць і ходзіць,
І памерці на‘т часу няма.

Кучу жыта шаруе, шліфуе,
Пачынае мятлою мясці;
На язык часам зерне спрабуе,
Адкідае пылінкі, асці.

І на збожжа зірне без дакукі,
І кіўне галавой кожны раз:
„Мазалі хоць скалечылі рукі —
Умалотнае жыта у нас!“

„А чысцюткае — проста на дзіва,
Гарфаваць і не трэба, дальбог!
Без званца і ядрона да мліва, —
Будзе белы ў нас хлеб, як пірог“.

Але радасць асела на месцы,
Ашчавеў браджатлівы язык:
„Без мякіны хлеб прыдзецца есці?!“ —
А да гэтага дзед не прывык.

„Без мякіны… Ды гэта-ж распуста!
То-ж ашчады не будзе ніяк!
Без мякіны… Кяпство гэта, глупства,
Без мякіны хлеб страціць свой смак…“