Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/314

Гэта старонка не была вычытаная

Дзед правёў па бакох спрытным вокам:
„Каб не ўгледзеў, часамі, сынок…
Не стухлее дабро ад урокаў,
Як прыбавіцца лішні пудок…“

І давай шуфляваць зноў да кучы
І пазадкі й мякіну назад:
„Усёроўна хлеб будзе пахучы,
Смакаваць будзеш, рад ці не рад…“

„Шмат спарней будзе хлеб наш з мякінай,
Не праколе, як шыла, кішку.
Парасцёртую разам з збажынай
Я глытаў яе шмат на вяку“.

„А мякіна у хлебе не шкодзіць,
Не зашкодзіць і франтам маім“,
Аднак дзед аглянуўся, як злодзей
Пры учынку агідным сваім.

VIII

Сам з сабою дзед ціха гамоніць,
Нібы гутарку з духам вядзе;
Так сумленне і гонар бароніць,
Сваю казку жыцця так пляце.

Улюблёна глядзіць ён на жыта,
Зморшчыць лоб у гармонік стары;
Нібы сэкрат тут нейкі зарыты,
Тастамэнты мінулай пары.

І не скеміш, не сцяміш, не злічыш
Тоўсты жмутак працоўных гадоў.
„Бог святы, ці яшчэ павялічыш?
Ці не годзе ужо, ці не до́?“