Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/316

Гэта старонка не была вычытаная

І глядзяць на усход, там дзе слонка
Мігаціць, як вуглёвы арэх.
На купінах варожаць сасонкі
І бялеюцца ў хмарах, як снег.

IX

Раптам хмары з нябесных аблогаў
Паплылі на край неба, на бор.
Бы загад выпаўняўся тут строгі —
Зрабіць вольны блакітны прастор.

Велічэзнай празрыстаю міскай
Неба ціха лягло на зямлю;
Нібы маці над кволай калыскай
Шапянула дзіцяці „люблю“.

На платох тчэцца шоўк павуціны,
І кудзеліць над хаткай дымок;
Пад акном млее чырвань рабіны. —
Будзе слаўны, пагодны дзянёк…

„Баб'е лета“ аздобіць шыр ніваў,
Закрасуецца сонца ярчэй…
Утаропіць на рунь-зеляніву
Міліёны лагодных вачэй.

Пазалоціць дубы на гародзе,
Прыгалубіць кудравы гушчар;
На лістоў дыване ў карагодзе
Будзе шастаць на цэлы абшар.

Пакуль шэрань засрэбрыць сівізнай
Абамлелай зямлі кожны крок,
Пакуль лес апранецца ў бялізну,
Пакуль рэчку абхопіць лядок.

X

Вось зарыпалі хрыпла вароты,
Дзед зірнуў на гумно, на хлявы.
„Трэба сёнейка вымазаць боты —
Пацвярдзеюць ад мокрай травы!“