Як угледзеў хлапца, крыкнуў строга:
„Што галуздаеш, шэльма, псякосць?
Быдла ў хлеве стаіць, бойся бога,
Ты бакі абіваеш, як госць!“
І паплёўся старэнькі дахаты
Растрывожаны, злосны такі.
„Неяк пахне ад печы занадта,
Мабыць Наста пячэ праснакі“.
„Да кармежкі мае вельмі рупны,
Не сняданне рыхтуюць а пір;
Ўсё адразу пажруць неадступна,
Гаспадарку ўсю пусцяць у вір“.
„А з‘ясі хоць вала і карову,
Дык за гэта ўсё гонар адзін!“ —
І насупіў калматыя бровы
Старасвецкі дзядок-селянін.
„Ну няхай! Я ўжо выпусціў лейцы,
Хай сынок гаспадарыць! Мне — што?
Як унук на яловай жалейцы,
Пралюлюкае лёс нізашто!“
„Увесь пот, каб іх няньчылі голых,
На кішку прапускаюць яны!
Сабяруць галадранцаў вясёлых
І ядуць з верашчакай бліны!“
„А каб грошы гарусціў мой Янка,
Гэта-ж — фэ! — грош мазоліць яго!
Гэткіх дзетак хай спаліць маланка!“ —
І дзед плюнуў ад сэрца ўсяго.
XI
Азірнуўся дзядок на дзядзінец,
Кінуў вокам на свіран стары:
„Прызапасілі новы гасцінец,
Загавееш душой без пары?“