Дзе на шыбе залатой
Сонца дзень спаліла свой.
Колькі год таму ўжо будзе,
Як у свет пайшоў у людзі,
Як паехаў шукаць хлеба,
Як пакінуў хатку, глебу
І бацькоў старых у горы.
Доўга жыў дзяцюк за морам —
Так абрыдла ў тым Бастоне,
Там народ бядняцкі стогне.
Захацелася дахаты,
Дзе матуля, родны тата.
„Вось і бацькаўскі загон…“
Аж слязу пускае ён…
Тут прывольна так улетку
На пахучых на палетках.
Вабіць поле хлебароба,
Дзіўна хмеліць краска бобу
На гародзе. Верабейкі.
Спеў гармоніка, жалейкі.
„Эх, мая Ганулька, дзе ты?
Пры грашох я ды адзеты.
Мабыць вышла за другога,
Небагаты прэч з дарогі!
Што мне грошыкі мае
Без дзяўчыны, без яе?“
„Адрываў з пітва ды ежы,
Працаваў там як належыць.
Грош ад грошыка ні ў прочкі —
Вось сямейка з адзіночкі.
Хату новую збудую,
Дзесяцінку і другую
Прыкуплю да гаспадаркі,
Будзе хлеб і будуць скваркі,
Тата з маткаю ў пашане
Пачнуць жыць у лепшым стане.