9. ПАЛЯШУК ГРАЕ НА ДУДЗЕ
Кінуў з неба дуду на зямлю бог уніз,
Паляшук ад яе слодыч мае.
Скача поле і лес, скача звер сярод хмыз,
Як ратай на дудзе тут зайграе.
І дабрэе злы воўк; ён глядзіць, бы ягнё,
І ківае ў лад-тахт галавою.
Нібы рой галубкоў, замаўчыць груганнё
І лунае над мяккай раллёю.
Не кусае вужак; ён звярнуўся клубком,
Заварожаны слухае гранне.
Хоць у рукі бяры, перазайся вужом, —
На цябе, як дзіцё тое, гляне.
Паляшук на дудзе пасля працы цяжкой
Грае цэламу свету на дзіва.
Адыходзіць, як цень, жальба з цяжкай журбой,
На душы — бы хто мажа алівай.
Плывуць гукі ў прастор, нібы птушкі нябёс,
Разлягаюцца пошчакам дробным.
Рады краскі, трава; ў яркіх кропельках рос
Апранаюцца пышна, аздобна.
І журчыць ручаёк, байку-казку пляце,
Дудару вельмі шчыра уторыць, —
Во ад чараў дуды ўся зямля запяе,
Зараз камень нямы загаворыць…
Ой, на свеце няма прыгажэй і пякней
Вольнай песні і простай і шчырай;
Паляшук нават смерць забывае пры ёй,
Яго сэрца ўзнімаецца ў вырай.
Думка рэчкай плыве праз краі, праз вякі,
Думка ў небе гарыць зараніцай.
Сыпле кроплямі ўніз, як раса на лісткі,
Жыве сэрца жывою крыніцай.