Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/376

Гэта старонка не была вычытаная

21. ІЛЬЯ ПАЛЮЕ ЧАРЦЕЙ. ЦМОК НІШЧЫЦЬ ПАЛЕШУКОЎ

Над Палескай зямлёй полаг неба вісіць
Велізарнай тканінай шаўковай.
Рослы волат-ратай — Сонца ў неба стаіць
І блішчыць галавою агнёвай.

Гляне вокам уніз, патрасе галавой, —
Рассыпаюцца кудры-праменні;
Неба рупна арэ залатою сахой,
Сее іскры-дабро поўнай жменяй.

Стада хмар ён пасе, штук нязлічаных шмат,
З крышталёвых крыніц ён іх поіць:
То пагоніць у кут, то іх верне назад,
Над Палескай раллёй ён іх доіць.

Малако льецца ўніз, бы з вядра плюх і плюх,
Корміць-сыціць абшар лугавінаў.
А тым часам імчыць па балоце злы дух,
Ён з вясковых людзей строіць кпіны.

А нячысцікі ўсе пад вадою кішаць,
Толькі бурбалкі пырсь сінім кругам,
Вось задумаў Ілья тут чарцей паляваць
Над балотам, над лесам, над лугам.

Разыграўся пярун, смаліць-паліць пярун,
Кіпіць неба, маланка гуляе.
Сярод дня сее мглу Ілья — грозны вяшчун,
Ён чарцей, нібы зайцаў, страляе.

лья громам грыміць: „Так, так, так! Го-го-го!“
„О, лупі яго, бі яго, гада!“
„Трах, трах, трах па зубах ды па карку яго!“
„Трэсні раз і другі ў гэту здраду!“

Паласуе дубы, запаляе стагі, —
Непрытульна на шэрым балоце.
Мокнуць дрэвы, кусты; плачуць поле, лугі.
Ўсё Палессе ў зыбучай вільгоце.