Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСНЯ

Як-бы плача хто ў лагчыне!
Як-бы жаласна пяе, —
То малодую дзяўчыну
Бацька замуж выдае.

Муж багат, але нямілы:
Ён калека і стары.
Дзеўка плача, траціць сілы
Без карысці, без пары.

А саколік, а Міхалка
Хоць бядак, але прыгож.
Сэрца рвецца на кавалкі,
Вочы мутныя ад слёз.

А тым часам родны бацька
На дачку, як воўк, глядзіць.
„Мая воля, каб це‘ качка!
Пойдзеш, гадзіна!“ — крычыць.

А муж гладзіць плех бліскучы
З відам: „я вам не прастак“,
Лічыць золата у кучы,
Доўга кашляе ў кулак.