24. СМЕРЦЬ ДУДАРА
То не рвецца струна, то не лебедзь пяе,
То не ломяцца крыллі сакола —
То канае дудар. Сум пануе ў сяле,
Прычытанне чуваць навакола.
Зайшло сонейка ў бор, загуляла жуда,
Кажанамі над вёскай мільгае.
На каго-жа цябе, сіраціна-дуда,
Сівабровы дудар пакідае,
Анямее твой гук, засмуціцца загон,
Будуць жнеі тужыць на дажынках.
Рване сэрца, душу хворы стогн, ціхі стогн
Без дуды на гульнях-вечарынках.
Без зязюлі-дуды на гады край засне,
Будзе нема маўчаць, як магіла.
І чырвоны, бы кроў, месяц круглы зірне,
Абалье цішынёй крыж пахілы.
Загуляюць вятры ў ясных світках снягоў,
Бы каляднай парою ваўчышчы.
Сярод белых лясоў, абамлелых лугоў
Рыхтаваць будуць веі ігрышчы.
Будзе сонца пячы ўлетку жоўты пясок
На магіле сівога музыкі.
Будзе пушча будзіць: „Гэй, устань, каласок!
Чаму змоўклі дударскія зыкі?“
Плача бедны народ, у жалобе ўвесь край,
Льюцца горкія слёзы бясконца.
Валасы свае рве гарапашны ратай:
„Што пакінуў ты нас, абаронца?“
„Будуць цюкаць на нас, будуць люкаць на нас,
Будуць крыўдзіць паны, паняняты.
Наша сонца зайшло, наш агонь раптам згас,
Што рабіць без цябе, голуб-тата?“