Гэта старонка не была вычытаная
Жаўронкі на крыллях
Нясуць яму струны.
Азёры і рэчкі
Даюць падарунак.
Начлежнік прыносіць
Паўночныя струны,
І парабак панскі
Іх тчэ ў сваім сэрцы.
Іх мыюць расіцы,
Заранкі фарбуюць,
Салоўкі іх туляць
Да вуснаў дзявочых,
Мяцеліцы ўзімку
Іх грэюць у пушчах.
Працягнуты струны
Ад хвойкі да хвойкі,
Ад рэчкі да рэчкі,
Ад поля да поля.
Жывуць у грымотах,
Маланках і бурах,
З пакутнага сэрца
Агонь высякаюць.
1915 г.
|}