Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

Курыць люльку вадзянік,
Туліць рэчку дым-туман.
Да бярозкі дуб прынік,
А ля дуба спіць курган.

Срэбны месяц на лугі
Сее зёрны з серабра.
Кіньце, хвоі, спеў тугі —
Запалілася зара.

Пад курганам спяць дзяды,
Там разбітыя гаршкі.
Замест святасці бяды,
Хай растуць тут каласкі.

Эх, замнога курганоў,
Ды замала добрых хат.
Эх, замнога старых сноў,
А жыццё не йдзе назад…

Пасадзец, 1918 г.