Прысталі, як пчолы да мёду,
Прысталі, як воі да сечы.
І давай лёд калоць зубам-ломам,
Рубаці сякерай,
Акулай-пілой пілаваці, —
Аж пот акрапляў ім бароды.
Вада бухала ўверх з хлюпам-стогнам,
Кіпела без меры,
Пачала вакол аглядацца,
Адвыкла даўно ад народу.
Непакоілі прорубы-раны
На карку балючым.
Глыбокія раны на целе
Зрасліся да цёмнае ночы.
Вышаў воўк на лясную паляну.
Ён крокам бягучым
Да рэчкі дыбаў. І мігцелі
Самотныя воўчыя вочы.
На лёд кінуўся шэрай стралою
З абрыва імпэтна;
І жудкая доля сустрэла
Маркотнага сына гушчару;
Ценькі лёд ён прабіў пад сабою,
Папаў непрыкметна
У проруб ледзь-ледзь зледзянелы.
Ён здаўся пакорнай ахвярай.
Раз паспеў ён з вады паказацца,
„Вой-во-о-ой“ — старым звонам,
І згінуў пад лёдам навекі
Так шпарка, аж пошчакі з бору
Не здолелі яшчэ расплывацца
Па белых загонах.
І лямант, бы сведка злых здзекаў,
Самлеў у марозным прасторы.