Ты прыпомні маленькае стада
Улетку на полі.
Да сіўца ты прыпаў і тульгаўся,
Як шкоднік гарэзны.
Цвіло сонца. Былі гэтак рады
Палеткі раздоллю.
Да ахвяры злым катам прырваўся.
Авечку панёс і зарэзаў.
Ты прыпомні начлег ля сцяжарні.
Людзей сілуэты.
Сіпела вужом галавешка.
Туман быў ваўняны і шызы.
Коні путамі гулка бразджалі.
Ты нюхаў паветра.
Зірнуў на аблокаў мярэжку
І гіллем накінуўся з хмызы.
Ты прыпомні дзень летні на полі.
Дзіцё на іржышчы.
Жняя гнула спіну над жытам,
І пахла жывіцай сасонка.
Ценем краўся ты, лез, як нядоля,
У поўдзённым зацішшы.
Дзіўны спрыт быў табою ужыты —
Ты горла прагрыз парабчонку.
Ты прыпомні адно паляванне,
Стральцоў, злое неба.
Чырвонага вельмі баяўся,
Свае вочы, як брытву, загойстрыў.
У ражок на трывогу спявалі.
Бабухалі стрэльбы.
На снезе крывавыя кляксы,
Сляды ад братоў тваіх, сёстраў.
Ты тады ўцалеў недарэчы.
І вось такім самым
Астаўся. Падлез пад свінушнік.