Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

Звініць струна сталёвая.
Спяваюць у бары.
Зайгралі гуслі новыя —
І ты загавары!

Зарніцай цені раняцца,
То новы дзень расце.
Гудуць вятры на раніцу
У залатым трысце.

Звіняць званы сякерныя
У тлуме баравым.
Ужо сюды не вернецца
Ні плач, ні смех савы.

Вязуць бярвенні гонкія
У вёску вазакі.
Спалохана завойкалі
Апошнія ваўкі.

Буяе радасць клопатаў —
Расце за зрубам зруб.
І прападзе тут пропадам
Апошні душагуб.

Менск, 1921 г.